КАПЫ́ЛЬСКАЕ КНЯ́СТВА,

феадальнае ўдзельнае княства ВКЛ з цэнтрам у г. Капыль. Утворана ў 1395. У канцы 14—1-й пал. 15 ст. княства наз. таксама Капыльска-Слуцкім ці Слуцка-Капыльскім, з 2-й пал. 15 ст. — Слуцкім, бо ў сярэдзіне 15 ст. Алелькавічы перанеслі сваю сталіцу ў г. Слуцк. У 1494 тэр. княства ўключала г. Капыль з яго дварамі (цэнтрамі маёнткаў) і дварцамі (цэнтрамі невял. маёнткаў) — Байлаўцы (Баелаўцы), Сыраватчычы, Старыца, Скеп’ева, Старое Сяло; пазней згадваецца мяст. Цімкавічы. Такі адм. ўклад захоўваўся да 1791, і К.к. было адной з адм.-тэр. адзінак Слуцкага княства са сваім намеснікам, або губернатарам. У 1791 сейм Рэчы Паспалітай скасаваў К.к. (разам са Слуцкім) і ўтварыў на іх тэр. Случарэцкі пав., але памешчыцкая адміністрацыя К.к. ў княжацкай адміністрацыі Радзівілаў, а потым Вітгенштэйна захоўвалася яшчэ ў 1-й пал. 19 ст.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 8, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)